Пад Баранавічамі маршрутка сутыкнулася з Опелем: 6 чалавек у лякарні (фота)
Кіроўца маршруткі зрабіў памылку, калі ішоў на абгон.
Міжрэгіянальная маршрутная таксоўка і легкавы аўтамабіль Опель сутыкнуліся ў нядзелю ўвечары ля вёскі Тартакі Баранавіцкага раёна. У выніку гэтага здарэння пацярпела шэсць чалавек, у тым ліку дзіця. Паводле звестак Брэсцкай абласной ДАІ, кіроўца маршруткі ішоў на абгон грузавой фуры і зрабіў памылку ў часе манёўра. Ён запозна заўважыў Опель, які рухаўся насусрач, і не паспеў сысці ў бок ад сутыкнення.
У аварыі шэсць чалавек атрымалі пашкоджанні, сярод пацярпелых — падлетак 2001 года нараджэння, сын кіроўцы Опеля. У хлопца цяжкія траўмы, у тым ліку пералом костак таза. Ён быў прышпілены рэмнем бяспекі і гэта ўратавала яму жыццё.
У маршрутцы разам з кіроўцам было 15 чалавек. Медыкі хуткай з месца здарэння забралі чатырох жанчын з чэрапна-мазгавымі траўмамі, траўмамі галавы і твару. У ДАІ не выключаюць, што колькасць пацярпелых павялічыцца: людзі адыходзяць ад шокавага стану, пачынаюцца адчуваць сябе кепска і звяртаюцца да медыкаў, інфармуе Onliner.by


