Па-іншаму мы не можам — Лукашэнка заявіў аб прывядзенні ў гатоўнасць сродкаў СПА
Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by
У Беларусі прыведзеныя ў гатоўнасць сродкі СПА, заявіў у аўторак Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з членамі Савета Бяспекі і кіраўніцтвам Савета Міністраў. Гэта зрабілі, паводле яго слоў, "каб не дапусціць удараў у спіну расійскім войскам".
"Міністр абароны даклаў мне пра гатоўнасць да прыкрыцця заходняй мяжы яшчэ пяццю батальёнамі", — паведаміў Лукашэнка. І дадаў, што "па-іншаму мы не можам". Паводле яго слоў, беларускія ўлады пастаянна чакаюць "правакацый ад заходніх партнёраў: то ў палітыцы, то ў эканоміцы, то ў ваеннай сферы".
Лукашэнка таксама расказаў, што цяпер расійскі наступ на Украіну ідзе па пяці кірунках: з Крыма, Данецка, Луганска ў напрамку Кіева, Чарнігава, Харкава. Пры гэтым беларуская армія, настойвае ён, "ніякага ўдзелу ў баявых дзеяннях не брала і не бярэ".
"Мы можам гэта даказаць каму хочаш", — сцвярджае Лукашэнка. З яго слоў, кіраўніцтва Расіі ніколі не ставіла пытанне пра беларускі ўдзел ва ўзброеным канфлікце.
Між тым, украінскія вайскоўцы раней заяўлялі пра пуск ракет з беларускай тэрыторыі, а таксама казалі пра беларускі саўдзел у агрэсіі. Беларусь дала Расіі магчымасць атакаваць Украіну з поўначы. І сам Аляксандр Лукашэнка прызнаваў, што "з тэрыторыі чарнобыльскіх прыкладна раёнаў, дзе былі на вучэннях расійскія войскі, былі запушчаныя дзве ці тры ракеты".