Офіс Ціханоўскай плануе перамовы з Літвою наконт рэйсавых аўтобусаў

Аўтобус, ілюстрацыйнае фота / 34travel.me
Офіс Святланы Ціханоўскай плануе перамовы з Вільняй, каб захаваць як маг больш аўтобусных рэйсаў з Беларуссю. Пра гэта галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў у гутарцы з "Белсатам".
Пра скасаванне вялікай колькасці аўтобусных рэйсаў паміж Мінскам і Вільняй стала вядома на пачатку гэтага тыдня. Літоўскія ўлады заявілі, што колькасць рэйсаў на маршрутах была абмежаваная яшчэ летась, але транспартныя кампаніі ўсё адно пускалі больш аўтобусаў, чым было дазволена. Цяпер ім нагадалі аб правілах.
"Мы з 2022 года працуем над тым, каб было як мага больш аўтобусных рэйсаў. І сапраўды, за апошні час колькасць рэйсаў сягала аж да 30–40, нават 50 на дзень. Гэта больш чым было дазволена Літвою. Вырас і агульны аб'ём руху праз мяжу: агулам у год беларуска-літоўскую мяжу мінаюць 1,5 млн пасажыраў. Гэта шмат", — адзначыў Вячорка.
Рашэнне літоўскага боку ён тлумачыць пытаннем бяспекі: "Гаворка не толькі пра беларусаў, але і пра літоўцаў, якія едуць у Беларусь. Думаю, менавіта бяспека — прычына, чаму Літва спрабуе зарэгуляваць пасажыраперавозкі цяпер".
Офіс Ціханоўскай плануе правесці перамовы з літоўскімі ўладамі. Але раней за восень сітуацыя не нармалізуецца, мяркуе Вячорка. Ён дадае, што частка рэйсаў, якія ездзілі "ў шэрую", назад не вернецца.
Таксама ён згадаў планы Латвіі абмежаваць аўтобусныя рэйсы з Беларуссю. "Дапускаю, што асноўная прычына — таксама бяспека. І сярод іншага – абмежаваць плынь жыхароў Латвіі, якія едуць у Беларусь, асабліва пасля арыштаў латвійскіх грамадзянаў у Беларусі", — пракаментаваў Вячорка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.