Латвія хоча абмежаваць аўтобусныя рэйсы з Беларусі і Расіі

Аўтобус, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Аўтобусныя зносіны з Беларуссю і Расіяй плануе абмежаваць Латвія. Праект адпаведнай пастановы ўрада падрыхтавала транспартнае ведамства краіны і вынесла на грамадскае абмеркаванне, піша Delfi.
У адпаведнасці з праектам, Дзяржаўная памежная ахова з 15 кастрычніка перастане прапускаць аўтобусы з нерэгулярнымі пасажырскімі перавозкамі праз пункты пропуску "Патэрніекі" на мяжы з Беларуссю, а таксама "Грэбнева" і "Церахава" на мяжы з Расіяй.
Пры гэтым рэгулярныя аўтобусныя пасажырскія рэйсы плануецца захаваць.
Латвійскія чыноўнікі заяўляюць, што апошнім часам вырасла колькасць пасажыраў, якія прыбываюць у Латвію аўтобусамі з Беларусі і Расіі. "Такая сітуацыя ўзмацняе рызыкі бяспекі на знешняй мяжы дзяржавы, таму падрыхтавана нарматыўнае рэгуляванне, якое прадугледжвае абмежаванні ў пасажырскіх перавозках у Беларусь і Расію", — заявіў міністр транспарту Аціс Швінка.
Як расказвала Еўрарадыё, на гэтым тыдні былі адмененыя некалькі аўтобусных рэйсаў паміж Мінскам і Вільняй. Літоўскі бок заявіў кампаніям-перавозчыкам, што яны робяць больш рэйсаў, чым дапускаюць законы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.