Мазырскі НПЗ: няякасная расійская нафта сапсавала дарагое абсталяванне

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе дарагое абсталяванне сапсавалася ад няякаснай расійскай нафты. Пра гэта інфармуе прэс-служба прадпрыемства.
Паведамляецца, што некалькі апошніх дзён на завод паступае нафта гатунку Urals c высокім утрыманнем хлорарганікі. Гэтая сыравіна валодае павышанай каразійнай актыўнасцю. І ў выніку 20 красавіка ва ўстаноўцы ЛК-6У №2 секцыі С-100 былі выяўленыя пропускі цеплаабменных трубак паветранага халадзільніка ХК-105. Рабочыя дэмантавалі гэтае абсталяванне і пачалі яго рамонт.
Камісія, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі канцэрна "Белнафтахім", ДНУ "ФТІ НАН Беларусі", Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Мазырскага аддзела ГОУ Дзяржпрамнагляду і ААТ "Мазырскі НПЗ", выявіла, што цеплаабменныя трубкі разбурыліся ад іржы.
Гендырэктар завода Віталь Паўлаў паведаміў, што на заводзе быў арганізаваны ўзмоцнены кантроль за станам абсталявання і вядзення тэхналагічнага рэжыму. Цяпер вытворцы больш ужываюць рэагентаў, якія паніжаюць каразійны знос.
На Мазырскім НПЗ заяўляюць, што нягледзячы на праблемы з каразійным зносам абсталявання, завод па-ранейшаму выпускае прадукцыю, якая адпавядае міжнародным стандартам якасці.
Раней Беларусь ужо заяўляла, што з Расіі ідзе няякасная нафта з павышаным утрыманнем хлора. У сувязі з гэтым наша краіна абвясціла, што часова спыняе экспарт нафтапрадуктаў.