Новы від тканіны адкрыты пад кіраўніцтвам беларускага навукоўца

Адкрыццё можа знайсці прымяненне ў рэгенератыўнай медыцыне і тканкавай інжынерыі / Science
Міжнародная каманда навукоўцаў адкрыла новую скелетную тканку — ліпахрасток. Узначальвае групу беларускі вучоны Максім Плікус. Вынікі даследавання апублікаваны ў часопісе Science на пачатку 2025 года. На гэта звярнуў увагу канал “De facto. Беларуская навука”.
У камандзе таксама працавалі Аляксандр Астроўскі з Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў (Гродна) і Аксана Астроўская з Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Што такое ліпахрасток?
Ліпахрасток, або ліпахандрацыт, спалучае ўласцівасці тлушчавай і храстковай тканак і выяўлены ў вушах, носе, грудзіне і гартані млекакормячых. Навукоўцы мяркуюць, што гэтая тканка змякчае жорсткасць храсткоў. Адкрыццё можа шырока выкарыстоўвацца ў рэгенератыўнай медыцыне і тканкавай інжынерыі.

Хто такі Максім Плікус
Максім Плікус атрымаў ступень бакалаўра ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце (1996–2000), пасля чаго эміграваў у ЗША, дзе абараніў ступень PhD ва Універсітэце Паўднёвай Каліфорніі (2001–2007).
Зараз ён працуе прафесарам Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Ірвайне, дзе ўзначальвае дэпартамент развіццявай і клетачнай біялогіі. Яго лабараторыя вывучае, як тканкі і ствалавыя клеткі рэгенеруюць у адказ на пашкоджанні.

У 2018 годзе Максім Плікус атрымаў прэмію Амерыканскай асацыяцыі анатамаў маладым даследчыкам, а ў 2019 — прэмію фонду LEO (рэгіён Амерыкі).
Ён таксама аўтар некалькіх рэзанансных даследаванняў. Два гады таму навуковец даказаў, што малекула, якая змяшчаецца ў валасатых радзімках, можа дапамагчы ад аблысення.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.