Медпаслугі для эмігрантаў, якія вяртаюцца ў РБ, могуць стаць платнымі

Стаматалогія, ілюстрацыйнае фота

Стаматалогія, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Медыцынскія паслугі для беларусаў, якія выехалі за мяжу, але часам вяртаюцца на радзіму, могуць стаць платнымі. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Мазыр 6 лістапада.

Ён гаварыў аб працоўных рэсурсах краіны і заявіў, што ў Расіі цяпер адчуваецца запатрабаванасць у работніках, таму частка беларусаў можа паехаць туды на заробкі. Потым загаварыў пра тых, хто выбраў заходні кірунак.

"У нас у Польшчу з'ехала 10-12 тыс. чалавек. Хоць кажуць — мільён з'ехала. Абыякава колькі. А зубік лячыць яны едуць у Гродна. А чаму? Таму што тут бясплатна. Бясплатна нічога не бывае. Гэта бюджэт — дзяржава плаціць за вас", — абурыўся Лукашэнка.

Ён сказаў, што будзе прынятая спецыяльная пастанова наконт платных паслуг для беларусаў, якія зарабляюць грошы за мяжой: "Паехаў ты, шукаеш добрае месца, дзе зарабіць, — правільна, перашкаджаць не будзем. Асабліва калі ты едзеш у Расію. Але ты, атрымаўшы добрыя грошы, сюды прыедзь, заплаці. Мы табе вырвем і зуб, што заўгодна. Але толькі за твой кошт". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.