На Гомельшчыне зачынілі вядомую бальніцу, назвалі гэта "рэарганізацыяй"

Бальніца ў Свяцілавічах

Бальніца ў Свяцілавічах / кадр з акаўнту ў TikTok

У Веткаўскім раёне Гомельшчыны зачынілі вядомую Свяцілавіцкую ўчастковую бальніцу. Відэа з зачыненай установай з'явілася ў TikTok. У каментарах многія людзі выказалі шкадаванне, што будынак некалі папулярнай медустановы апусцеў, і абурэнне, што "ўсё развалілі", заўважыў "Флагшток".

У гэтая лякарні праходзілі рэабілітацыю і лячэнне жыхары розных раёнаў Гомельшчыны. Яна лічылася адной з найлепшых рэабілітацый у рэгіёне.

Зачынілі бальніцу без абвестак і афіцыйных публікацый. Хіба толькі ў "Сельскай газеце" публікавалі каментар чыноўніцы Гомельскага аблвыканкама Наталлі Масцерскай, якая казала, што ніякага закрыцця не будзе: "Закрываць установу не будзем. Яе чакае некаторая рэарганізацыя: 20 рэабілітацыйных ложкаў перанясуць на базу Веткаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Гэта адбываецца згодна з нарматыўным прававым актам. Умовы для пацыентаў толькі палепшацца: ім не прыйдзецца ехаць у Свяцілавічы, што ўскладняе лагістыку для людзей з іншых раёнаў, а рэабілітавацца проста ў Ветцы".

Як піша "Флагшток", у Свяцілавічы пацыентаў прываблівалі не толькі працэдуры, але і маляўнічая прырода, прыгожае возера, тэрыторыя вакол — менавіта гэта спрыяла рэабілітацыі.

Цяпер, паводле мясцовых жыхароў, у Свяцілавіцкай бальніцы засталося толькі аддзяленне сястрынскага догляду. Дый яго, нібыта, пакінулі толькі да канца года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.