Літва траціць на навуку амаль у два разы больш у адносінах да ВУП, чым Беларусь
Усе суседзі, акрамя Украіны, трацяць на навуку больш, чым Беларусь / pixabay.com
Беларусь выдаткоўвае на навуку найменш сродкаў у параўнанні са сваімі суседзямі. Выключэнне складае толькі Украіна, якая з 2022 года вядзе абаронную вайну супраць Расіі.
Такія даныя прыводзяцца ў зборніку матэрыялаў XXIV Міжнароднай канферэнцыі "Менеджмент бібліятэк ВНУ", што выйшаў у гэтым годзе. Там прааналізаваныя выдаткі на навуковыя даследаванні ў суадносінах да ВУП. На гэта звярнуў увагу канал "De facto. Беларуская навука".
Сярод краін — удзельніц ЕАЭС больш, чым Беларусь, на навуку траціць толькі Расія.
Даследнікі адзначаюць: з упэўненасцю можна казаць аб недастатковым узроўні фінансавання навукі, аднак гэта не з'яўляецца ні адзінай, ні галоўнай перашкодай для павелічэння публікацыйнай актыўнасці.
Варта разглядаць сукупнасць праблем: складанасці ў напісанні артыкулаў на англійскай мове; абмежаваны доступ да сучасных навуковага абсталявання і баз даных; высокую нагрузку на выкладчыкаў; слабыя стымулы для публікацыі ў высокарэйтынгавых часопісах; цяжкасці ў падборы прыдатнага часопіса для публікацыі.