Новая рэдакцыя Закона аб СМІ набудзе моц 1 снежня

 Новая рэдакцыя Закона аб СМІ набудзе моц 1 снежня

Новая рэдакцыя Закона аб СМІ набудзе моц 1 снежня —  гэта вынікае з дакумента, які апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У законе “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусі” прадугледжваюцца пэўныя захады, скіраваныя на ўдасканаленне праваадносінаў у медыясферы.

Сярод іншага, дакумент уводзіць у закон аб сродках масавай інфармацыі новыя тэрміны —  напрыклад, “сеткавае выданне”, “інтэрнэт-рэсурс”, “уладальнік інтэрнэт-рэсурса”. Тыя інтэрнэт-рэсурсы, якія распаўсюджваюць масавую інфармацыю, могуць атрымліваць дзяржрэгістрацыю і афіцыйна рабіцца сеткавым выданнем з усімі правамі звыклых СМІ (газет, тэлебачання, радыё). Пры гэтым закон не абавязвае праходзіць рэгістрацыю, яна будзе добраахвотнай. 

Уладальнік інтэрнэт-рэсурса будзе абавязаны ідэнтыфікаваць карыстальнікаў, аналізаваць змест іх публікацыяў і не дапускаць распаўсюду забароненай інфармацыі, а таксама допісаў з нецэнзурнымі выразамі. Да забароненай інфармацыі цяпер таксама адносяць заахвочванне да суіцыду і неналежную рэкламу, звесткі пра спосабы вырабу выбухоўкі.

Закон прапісвае і новыя патрабаванні што да абавязковага аб’ёму тэлеперадачаў беларускай вытворчасці. Гэта 15% цягам шасці месяцаў і 30% цягам двух гадоў.