Невялікія дажджы прагназуюць у Беларусі на выходных, а ў панядзелак — мокры снег

Восень, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У суботу, 11 кастрычніка, у Беларусі будзе воблачна з праясненнямі, паведамляе Белгідрамет.
У многіх раёнах краіны пройдуць невялікія дажджы. Уначы і зранку месцамі будзе згушчацца слабы туман. Вецер чакаецца паўночна-заходні, заходні ўмераны.
Тэрмометры ўначы пакажуць 1-7 градусаў вышэй за нуль, па ўсходзе краіны прагназуецца да +10 градусаў. Удзень паветра прагрэецца да 10-15 градусаў цяпла.
У нядзелю, 12 кастрычніка, уначы месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Таксама дажджы прагназуюцца часам зранку і ўдзень, а па поўначы краіны месцамі чакаюцца моцныя дажджы. Вецер будзе заходняй чвэрці парывісты, зранку і ўдзень у многіх раёнах — моцны парывісты.
Тэрмометры ўдзень пакажуць ад +6 па поўначы да +14 градусаў па поўдні краіны.
А ў панядзелак пахаладае. Сіноптыкі папярэджваюць, што можа пайсці мокры снег. У асобных раёнах прагназуецца моцны парывісты вецер.


Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.