Нелегальную майстэрню дронаў знайшлі ў Гродне

Памежнікі выявілі падпольную майстэрню дронаў / Памежны камітэт
Аператыўнікі Гродзенскай памежнай групы выявілі ў Гродне нелегальную майстэрню па вытворчасці беспілотных лятальных апаратаў і гараж з метэазондамі. Такую тэхніку нярэдка выкарыстоўваюць кантрабандысты.
Як паведамляе прэс-служба Памежнага камітэта, памежнікам дапамагалі аддзел крымінальнага вышуку Ленінскага РАУС Гродна, ІМПЗ па Гродзенскай вобласці, АБЭЗ Кастрычніцкага РУУС Гродна пры сілавой падтрымцы атрада спецпрызначэння "Тайфун" Унутраных войскаў МУС.
Спярша яны выявілі гараж з метэазондамі. Падчас ператрусу ў гаражы было канфіскавана 10 метэазондаў, 10 GPS-трэкераў, фотапасткі і мабільныя тэлефоны.
Пазней сілавікі выявілі асобу яшчэ аднаго беларуса, датычнага да гэтай дзейнасці. У адным з сэрвісных цэнтраў Гродна мужчына нелегальна вырабляў дроны. Падчас ператрусу ў яго знайшлі і канфіскавалі восем беспілотнікаў на стадыі зборкі, GPS-трэкеры, пульты кіравання і іншыя камплектуючыя для вырабу і рамонту БПЛА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.