У беларускіх школах пачалі рыхтаваць аператараў дронаў для войска

Запуск дрона, ілюстрацыйнае фота

Запуск дрона, ілюстрацыйнае фота / Унутраныя войскі МУС

У беларускіх школах вайскоўцы пачалі падрыхтоўку аператараў дронаў. Для гэтага ствараюцца адмысловыя профільныя класы. Пра гэта ў інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню расказаў начальнік аддзела ўпраўлення прымянення і развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў (БАК) Узброеных Сіл Дзяніс Дудкін.

"Менавіта са школьнай лавы ў дзяцей зараджаецца гэтая любоў да авіяцыі, у дадзеным выпадку беспілотнай авіяцыі. Дзеці хутчэй хапаюць гэтыя навыкі, яны праяўляюць пэўную крэатыўнасць і праяўляюць сваё імкненне паказаць магчымасці выкарыстання", — патлумачыў Дудкін.

Ужо працуюць мінімум два профільныя класы: у 64-й школе ў Мінску і ў Бярозаўскім раёне.

Паводле вайскоўца, матывацыя школьнікаў пераўзыходзіць усе чаканні: "Маленькія дзіцячыя ручкі, трымаючы ў руках пульт, зліваюцца з гэтай тэхнікай і робяць цуды".

У Бярозаўскім раёне, кажа ён, навучанне пачалося са звычайных турыстычных практык, накшталт распальвання вогнішчаў. "Гэта значыць пра нейкія стандартныя ўрокі жыцця, і паступова падыходзячы да эксплуатацыі беспілотных лятальных апаратаў", — працягвае палкоўнік.

У Мінску дзеці вучацца кіраваць беспілотнікамі на сімулятарах. "На гэтым мы не спыняемся, і надалей мы плануем набыць рэальныя ўзоры, каб яны выконвалі палёты ўжо ў рэальных умовах на прыродзе. Гэта не за гарамі", — паабяцаў Дудкін.

Мінабароны хоча распаўсюдзіць гэты досвед на іншыя школы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.