Некалькі вуліц Мінска засталіся без вады праз адключэнне электраэнергіі

Кран, ілюстрацыйнае фота

Кран, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

5 сакавіка ў 17:14 прыпынілася праца помпавага абсталявання водазабору №5 "Бараўляны". У "Мінскводаканале" гэта патлумачылі адключэннем электраэнергіі ў Мінскіх кабельных сетках.

Адключэнне электрычнасці прывяло да зніжэння ціску на вадаправоднай сетцы. Без вады засталіся дамы ў квартале вуліц Мірашнічэнкі-Сядых-Лагойскі тракт-Гамарніка-Каліноўскага-Цікоцкага-Карбышава.

У Мінгарвыканкаме заяўляюць, што падачу электрычнасці ўжо аднавілі, і ціск у вадаправоднай сетцы таксама аднаўляецца.

Аператыўныя брыгады "Мінскводаканала" працягваюць работы па ліквідацыі магчымых наступстваў, выкліканых адключэннем.

Аналагічная сітуацыя здарылася ў тым жа квартале на мінулым тыдні, напрыканцы лютага. У выніку аварыйнага адключэння электраэнергіі спынілася помпавае абсталяванне водазабору №5 "Бараўляны". Тады прычынай адключэння назвалі абрыў провада на лініі электраперадачы "Мінск Паўночная — Мінск Усходняя".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.