Не змог адляцець ці хочаш застацца — ідзі ў міліцыю. І заплаці падаткі
Не адляціш, але падатак заплаціш / Еўрарадыё
Праз "авіясанкцыі" з боку Еўрасаюза замежнікі, якія апынуліся ў сярэдзіне траўня ў Беларусі, атрымалі праблемы з вылетам. Тым часам "без мэты" грамадзяне замежных дзяржаў маюць права знаходзіцца ў Беларусі не больш за 90 дзён за каляндарны год. Што рабіць тым, у каго гэты тэрмін падыходзіць да канца? А калі вярнуцца не атрымліваецца праз тое, што трэба прыглядаць за хворым сваяком?
— Калі іншаземец хоча застацца, то ў кожным разе ён павінен звяртацца ў тэрытарыяльныя падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства, — расказвае начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.
У артыкуле 48 закона "Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства" пералічаныя падставы, якія даюць магчымасць легальна заставацца ў Беларусі "звыш тэрміну". Сярод іх — з'яўленне абставін, пры якіх замежныя грамадзяне не могуць быць выдвараныя за межы Беларусі.
Таксама іншаземец можа застацца, калі ён суправаджае або ажыццяўляе догляд чалавека, які атрымлівае медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах у беларускай арганізацыі аховы здароўя.
Плаці падаткі!
Калі ж замежны грамадзянін прабыў у Беларусі больш за 183 дні, то тут давядзецца ісці не толькі ў аддзел грамадзянства і міграцыі, але і ў падатковую.
— Асоба, якая знаходзілася на тэрыторыі Беларусі больш за 183 дні, будзе з'яўляцца падатковым рэзідэнтам, — кажа спецыялістка Міністэрства па падатках і зборах Таццяна Ліпай. — Адпаведна, гэты чалавек павінен выплачваць падаходны падатак. Па даходах, атрыманых з-за мяжы, ён падае дэкларацыю як рэзідэнт Рэспублікі Беларусь, паказвае атрыманую суму даходу.
Калі іншаземец, які "завіс" у Беларусі на няпэўны тэрмін, атрымлівае даход за мяжой, то ён плаціць падаткі тут, а на радзіме не плаціць?
— Усё залежыць ад дзейных міжнародных пагадненняў, — працягвае Таццяна. — Але калі іншаземец плаціць падатак у сябе там за мяжой (па месцы асноўнага жыхарства), то ён падае дакумент аб выплаце, завераны падатковай службай іншай краіны, і падатковы орган выплачаны падатак прымае да заліку.
А калі іншаземец зарабляе ў Беларусі?
— Калі замежнік атрымлівае даход ад арганізацыі ў Беларусі, то гэтая арганізацыя (як падатковы агент) утрымлівае падаходны падатак з атрыманага даходу, — працягвае спецыялістка.
Ніякіх падатковых паслабленняў для замежнікаў, якія вымушана застаюцца ў Беларусі, не прадугледжана.
— З улікам таго, што ў Беларусі дзейнічае, мабыць, самая маленькая стаўка падаходнага падатку сярод краін Еўропы, то, як правіла, даплаты падатку не ўзнікае, — падсумоўвае Таццяна Ліпай.