Найлепшым беларускім футбалістам 2014 году названы Сяргей Крывец
28-гадовы спартсмен прызнаны найлепшым па выніках апытання, зладжанага газетай “Прессбол” і Беларускай федэрацыяй футбола.
Цырымонія закрыцця футбольнага сезону прайшла 13 снежня ў Мінску. У часе цырымоніі былі названыя найлепшыя гульцы, трэнеры і клубы ў розных намінацыях, перадае БелаПАН.
Найлепшым футбалістам краіны па выніках 2014 году прызнаны паўабаронца зборнай Беларусі і французскага клуба “Мец”, 28-гадовы Сяргей Крывец.
Найлепшым гульцом нацыянальнага чэмпіянату названы Ігар Стасевіч (мінскае “Дынама”), найлепшым брамнікам — Артур Каценка (“Шахцёр”), найлепшым абаронцам — Ягор Філіпенка (БАТЭ), найлепшым паўабаронцам і самым карысным гульцом чэмпіянату — Сяргей Крывец (да пераходу ў “Мец” гуляў за БАТЭ), найлепшым нападаючым — Міхаіл Гардзяйчук (БАТЭ), найлепшым бамбардзірам — Мікалай Януш (“Шахцёр).
Найлепшым беларускім трэнерам названы Віктар Ганчарэнка (да лістапада — “Кубань”, Расія, цяпер беспрацоўны).
Прыз справядлівай гульні атрымала мінскае “Дынама”, “За волю да перамогі” — бабруйская “Белшына”, прыз глядацкіх сімпатый — БАТЭ.