Нарвегія перастала называць Беларусь "Белай Расіяй"
Нарвегія прыслухалася да прызыву Ціханоўскай не называць Беларусь "Белай Расіяй" / Reuters
Нарвегія адмовілася ад назвы Hviterussland для абазначэння Беларусі ў Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю 29 траўня. Літаральна Hviterussland перакладаецца як "Белая Расія". Цяпер афіцыйна будзе выкарыстоўвацца назва Belarus.
— Лічым правільным змяніць выкарыстанне імёнаў у знак салідарнасці з беларускім дэмакратычным рухам, — кажа прэм'ер-міністр Ёнас Гар Стэрэ.
Акцэнт на адрозненні Беларусі і беларусаў ад Расіі і рускіх — важнае сімвалічны пытанне, падкрэслівае МЗС Нарвегіі.
— Хоць існуюць гістарычныя і лінгвістычныя аргументы на карысць напісання "Hviterussland" або "Kviterussland" у канчатковым рахунку гэта палітычнае пытанне, — кажа міністр замежных спраў Нарвегіі Анікен Хюітфельд.
Міжнародны дзень салідарнасці з дэмакратычнай Беларуссю — гэта дзень арышту мужа Святланы Ціханоўскай, Сяргея Ціханоўскага. Яго затрымалі 29 траўня 2020 года. Ціханоўскага абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальванні сацыяльнай варожасці, перашкодзе працы ЦВК, арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Яго прысудзілі да 18 гадоў узмоцненага рэжыму 14 снежня 2021 года.