Начальніка мытні ў РФ звольнілі за чэргі на мяжы з Беларуссю

Беларуска-расійская мяжа на трасе М1 / Аляксандр Чугуеў
Начальніка Смаленскай мытні звольнілі за вялікія чэргі грузавікоў на мяжы паміж Беларуссю і Расіяй, якія назіраліся ўвосень мінулага года.
Кіраўнік Федэральнай мытнай службы (ФМС) Расіі Валерый Пікалёў у інтэрв'ю РБК расказаў, як у лістападзе 2024-га ўначы прыехаў на мытныя пасты каля мяжы з Беларуссю і пагаварыў з кіроўцамі фур.
"Велізарная колькасць скаргаў кіроўцаў, а таксама ад беларускіх калег. Такія месцы ў нас, на жаль, ёсць. Мы прыехалі зусім нечакана і ўбачылі шматкіламетровую чаргу машын. Зыходзячы з дакладаў па сітуацыі, чэргі вялікай не было", — згадаў кіраўнік мытнай службы.
Ён пацікавіўся прычынай такой вялікай чаргі. Мытнікі адказалі, што даглядаюць усе кантэйнеры — такі загад начальніка мытні. "Пры гэтым выніковасць такіх надглядаў была мінімальная", — удакладніў чыноўнік.
Неўзабаве начальнік Смаленскай мытні Рустам Якубаў быў звольнены. Цяпер, як кажуць у Мытнай службе РФ, вялікіх чэргаў на мяжы Расіі і Беларусі няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.