Нацбанк Беларусі павышае стаўку рэфінансавання

Нацбанк Беларусі павышае стаўку рэфінансавання

Нацбанк 25 чэрвеня павысіць стаўку рэфінансавання да 9,75% гадавых. Гэта азначае, што вырастуць адсоткі па некаторых крэдытах — найперш за жыллё.

На сёння стаўка рэфінансавання складае 9,5%.

Стаўка рэфінансавання — гэта адсоткавая стаўка, якую Нацбанк выкарыстоўвае пры выдачы крэдытаў іншым фінансавым арганізацыям, напрыклад, камерцыйным банкам.

Цяперашняе яе павышэнне тлумачаць "мэтай нівелявання" рызык і стымулявання інвестыцыйнай актыўнасці.

Таксама на 0,25 адсоткавага пункта — да 11,25% гадавых — павысяць стаўкі па аперацыях, з дапамогай якіх банкі атрымліваюць кароткатэрміновыя грошы ад дзяржавы (крэдыты і здзелкі СВОП).

У Нацбанку заяўляюць, што рост заробкаў апераджае прадукцыйнасць працы, таму складваецца макраэканамічны дысбаланс. Гэта ўплывае на рост спажывання і імпарту, павялічвае ціск на плацежны баланс і вядзе да хуткага росту грашовай масы, а таксама паскарэнню інфляцыі.

Раней у Нацбанку выказвалі асцярогі ў сувязі з высокімі тэмпамі росту крэдытавання насельніцтва.

Дарэчы, у Расіі Цэнтрабанк 6 чэрвеня знізіў ключавую стаўку (аналаг стаўкі рэфінансавання ў Беларусі) да 20% гадавых. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.