На Смаргоншчыне п'яны расіянін без штаноў зладзіў дэбош у краме (відэа)
У аб'ектыў камеры відэаназірання ў Смаргонскім раёне патрапіў 42-летні жыхар Калінінграда.
Якім чынам ён апынуўся ў вёсцы Солы, можна толькі здагадвацца, адзначае тэлеканал АНТ. У вёсцы расіянін працягнуў з мясцовымі жыхарамі гулянку, пачатую ў цягніку.
У п'яным трызненні ён адправіўся ў краму — праўда, без нагавіцаў. Пазней высветлілася, што ён пакінуў іх на плоце. Перад прадаўцамі і пакупнікамі мужчына з'явіўся ў вельмі непрывабным выглядзе. Моўчкі разграміў вітрыну, выйшаў на вуліцу. Потым расіянін яшчэ разбіў вокны ў хаце пенсіянеркі.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за хуліганства. Затрыманаму давядзецца прайсці псіхіятрычную экспертызу.
Дарэчы, працверазеўшы, расіянін так і не змог назваць краіну, дзе знаходзіцца. Максімальны тэрмін, які пагражае дэбашыру, — да 3 гадоў пазбаўлення волі.