На ліквідацыю наступстваў замаразкаў вылучылі 60 мільёнаў рублёў

Замаразкі, ілюстрацыйнае фота
60 мільёнаў рублёў вылучаныя з дзяржбюджэту на ліквідацыю наступстваў вясновых замаразкаў, якія прычынілі шкоду сельскай гаспадарцы. Такія лічбы ў эфіры тэлеканала СТБ назваў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун.
Ён паведаміў, што замаразкі пашкодзілі пасевы і сады, у асобных раёнах давялося перасяваць збожжавыя культуры. Пры гэтым чыноўнік запэўніў, што сучасныя агратэхналогіі, распрацаваныя Нацыянальнай акадэміяй навук, дазваляюць атрымаць стабільныя ўраджаі нават пры неспрыяльных умовах надвор'я.
"Сёння ўмовы надвор'я ўжо пачынаюць усталёўвацца нармальныя. Пайшлі дажджы. Каб расліна расла, трэба 10-12 градусаў у начныя тэмпературы. І мы ўбачым, як нагоніць. Успомніце нашу вясну раннюю. Была, здаецца, зіма, а потым — рэзкая тэмпература: за тры дні мы ўбачылі дрэвы ў лісці", — сказаў Гракун.
Ён таксама паведаміў, што ў Беларусі пачалі нарыхтоўку кармоў, але замаразкі стрымалі гэты працэс.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.