Пагроза харчовай бяспецы. Сухая вясна пагражае неўраджаем

Трывожныя дадзеныя / pixabay.com
Сухая вясна 2025 года і змяншэнне рачнога сцёку пагражаюць сельскай гаспадарцы Еўропы. Такія дадзеныя прыводзіць канал nadvorie.
Ураджайнасць Еўропы залежыць ад колькасці і частаты ападкаў, але гэтай вясной дажджы былі нестабільныя. На сакавіцкай карце бачна, што большая частка Еўропы афарбаваная ў аранжавы колер, якім пазначана тэрыторыя з недастатковым увільгатненнем глебы. Гэта пагражае харчовай бяспецы.

Раней СМІ паведамлялі пра катастрафічна нізкі ўзровень вады ў Палессі. Заснавальнік украінскага цэнтра “Межрэчэнская пушча” Андрэй Сагайдак распавёў, што гэта звязана з сухім летам 2024 года, асабліва яго другой паловай. Восень таксама была без дажджоў, а потым і зіма амаль без ападкаў.
Гэта вельмі нехарактэрная сітуацыя, адзначае эксперт:
“Зараз вясна, але істотных дажджоў дагэтуль не было, на балотах прыкметна знізіўся ўзровень вады. Дзякуючы некалькім дажджлівым дням і ненадоўга выпаўшаму снегу стала крыху лепш. Вада на балотах усё ж крыху паднялася, а глеба ўвільгатнілася. Але пакуль гэтага недастаткова”.
Балоты — гэта, па сутнасці, рэзервуары, з якіх сілкуюцца малыя рэкі. Балоты ўтрымліваюць узровень грунтавых вод. Калі вада апусцілася на балоце — варта чакаць, што далей будзе засуха. Вада ў студнях можа зноў знікнуць. Такое ўжо было ў 2020 годзе, падобная сітуацыя была і ў 2015 годзе, нагадвае спецыяліст.

Раней у такіх маштабах зніжэння ўзроўню вады яшчэ не было, сцвярджае Сагайдак.
“Зараз Палессе павінна быць пераўвільготненым рэгіёнам, менавіта адсюль вада сцякае далей, у прыватнасці, па Дняпры. Але зараз на Палессі суха, і гэта ненармальна. Калісьці лічылася, што Палессе — гэта зона празмернага ўвільгатнення, тут працэсы забалочвання. Але гэтага ўжо даўно няма, плошча балот скарачаецца планамерна з кожным годам”.
Таму, калі зараз вялікіх дажджоў не будзе, лета будзе пагрозліва сухім, асабліва гэта паўплывае на аграрыяў.
Праблем сельскай гаспадарцы дадаюць рэкордныя замаразкі ў траўні. Чым гэта пагражае аграрыям, расказаў Еўрарадыё кліматолаг Уладзіслаў Шумак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.