На кіроўцаў, якія спрабавалі праехаць мяжу без чаргі, пачалі крымінальныя справы

Аўтамабілі, ілюстрацыйнае фота / Мытны камітэт
Воранаўскія следчыя пачалі дзве крымінальныя справы на кіроўцаў, якія падраблялі суправаджальныя дакументы на груз. Рабілі яны гэта для таго, каб без чаргі праехаць мяжу, паведамляе прэс-служба Мытнага камітэта.
Гродзенскія мытнікі ўсё часцей выяўляюць выпадкі, калі падрабляюць суправаджальныя дакументы на тавары, якую вязуць праз мяжу. Звязана гэта з тым, што па-за чаргой пункт пропуску могуць праязджаць фуры з грузамі, якія хутка псуюцца, або з жывёламі. Неабходная ўмова — наяўнасць дакументаў, якія гэта пацвярджаюць.
Паведамляецца, што за апошні месяц у пунктах пропуску "Каменны Лог" і "Беняконі" выявілі шэсць фактаў наўмыснага скажэння звестак пра такія грузы. Напрыклад, аўтамабіль вёз згушчонку і круасаны, а ў суправаджальных дакументах былі пазначаныя памідоры. А груз замарожанай бульбы быў задэклараваны як "бульба прадуктовая".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.