На гродзенскім "Хімвалакне" скарачаюць адразу амаль 200 работнікаў
Пад скарачэнне яны трапілі ў сувязі з мадэрнізацыяй цэха гарачай выцяжкі.
Старую тэхналогію вытворчасці змяняюць на новую, якая не патрабуе вялікіх працоўных выдаткаў, піша "Ежедневник". Скарачэнне пачнецца з 1 кастрычніка.
У пятніцу 12 ліпеня на прадпрыемстве прайшоў сход, на якім кіраўніцтва абмеркавала з калектывам варыянты працаўладкавання на новыя месцы. Кіраўнікі завода адзначылі, што ёсць 35 вакансій у прадзільным цэху, але з больш інтэнсіўнымі ўмовамі працы.
На сённяшні дзень звыклага месца працы могуць пазбавіцца 126 жанчын і 54 мужчыны. Усіх мужчын начальства можа ўладкаваць на абноўленым участку вытворчасці, жанчыны там працаваць не змогуць. Ім прапануецца праца не па спецыяльнасці — дворнікам, прыбіральшчыкам, касірам, а таксама перанавучанне. Аднак такая замена большасць не задавальняе. Частка супрацоўнікаў можа сысці на пенсію па ўзросце сёлета.