На дзяўчыну загінулага Шышова ў Беларусі пачалі крымінальную справу
Упраўленне Следчага камітэта па Мінску пачало крымінальную справу на 21-гадовую ўраджэнку Гомельшчыны Бажэну Жолудзь. Ад жніўня 2020 года дзяўчына пастаянна пражывае на тэрыторыі Украіны.
Бажэна — грамадзянская жонка актывіста Віталя Шышова, які на пачатку жніўня загінуў у Кіеве пры дзіўных акалічнасцях. Дзяўчына заявіла, што не верыць у самагубства Віталя.
Нагодай для крымінальнай справы сталі акцыі каля беларускай амбасады ў Кіеве, у якіх удзельнічала Бажэна Жолудзь. Пасля смерці Шышова беларусы ва Украіне прыйшлі да беларускай амбасады. Некаторыя падазраюць, што беларускія спецслужбы спрычыніліся да гібелі Шышова, бо ён удзельнічаў у акцыях пратэсту і з'ехаў ва Украіну ад палітычнага пераследу.
Як заяўляюць следчыя, Бажэна Жолудзь "заклікала да масавых беспарадкаў, што суправаджаюцца гвалтам над асобай і узброеным супрацівам прадстаўнікам улады, то бок да здзяйснення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь". Падставай сталі заклікі дзяўчыны браць у рукі вілы і пераходзіць да нямірнага пратэсту.
На яе пачалі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Ёй пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
У каментары Еўрарадыё Бажэна Жолудзь сказала, што не здіўленая такім рашэннем беларускіх уладаў. Ад больш падрабязнага каментара яна адмовілася, бо дваедалася пра крымінальную справу за хвіліну да нашага тэлефанавання.