На будоўлі пад Мінскам рабочага забіла дэталлю ад вежавага крана

Мінскі раённы аддзел Следчага камітэта расследуе выпадак смяротнага траўмавання, які здарыўся на будоўлі ў вёсцы Копішча. Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, 29 чэрвеня на будпляцоўцы шматпавярховага жылога дома ўсталёўвалі вежавы кран. На галаву 32-гадоваму рабочаму-мантажніку з вышыні 36 метраў упаў канцавы выключальнік. Мужчына памёр ад атрыманых пашкоджанняў.
Эксперты і следчыя сабралі матэрыялы, прызначаны шэраг экспертызаў, якія павінны вызначыць прычыну смерці. Таксама да матэрыялаў справы далучаць вынікі праверкі па лініі Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы. Працэсуальнае рашэнне пакуль не вынесенае.