На беларуска-літоўскай мяжы смяротна паранілі кантрабандыста

Зранку 27 жніўня літоўскія памежнікі на мяжы з Беларуссю пераследавалі двух кантрабандыстаў на аўтамабілях. Адна з пагоняў скончылася трагічна.

На тэрыторыі Друскеніцкага самакіравання памежнікі затрымалі Ford Mondeo з кантрабанднымі цыгарэтамі. Праўда, перад гэтым, як піша obzor.lt, аўтамабілю памежнікаў давялося ісці на таран. У выніку машына кантрабандыста апынулася ў кювеце.

Падчас пагоні за аўтамабілем Peugeot 605 літоўскія памежнікі адкрылі страляніну, калі кіроўца не спыніўся на іх патрабаванне. Паведамляецца, што спярша памежнікі двойчы стрэлілі ў паветра, а потым пачалі страляць па пакрышках аўто.

Калі памежнікі ўсё ж спынілі аўтамабіль, высветлілася, што адзін з людзей у ім паранены. Яму аказалі першую дапамогу і даставілі ў лякарню. Але пазней стала вядома, што ён усё ж памёр.