На аўкцыён выстаўлены былы самалёт Аляксандра Лукашэнкі

Авіякампанія "Белавія" выставіла на продаж TУ-154M, які раней быў самалётам Аляксандра Лукашэнкі. Таргі маюць адбыцца 5 снежня, паведаміў Мінскі гарадскі цэнтр нерухомасці ў газеце "Звязда".
Самалёт 1995 году выпуску і знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці. У газеце ўказваецца бартавы нумар — EW-85815. Як адзначае Радыё "Свабода", гэты нумар адпавядае колішняму борту №1, якім у другой палове 1990-х карыстаўся Аляксандр Лукашэнка. Потым гэты самалёт быў перададзены пад патрэбы ўрадавых дэлегацый.
Пачатковы кошт лота — 4,3 мільёна рублёў (гэта крыху больш за 2 мільёны долараў у эквіваленце). У якасці задатку неабходна ўнесці 10% ад сумы.
Напрыканцы 1990-х у ЗША спецыяльна для Лукашэнкі быў зроблены Boeing 737 (EW-001PA). А ў 2012-м кіраўнік Беларусі стаў карыстацца Boeing-767 з ангара экс-прэзідэнта Туркменістана Сапармурада Ніязава.