МЗС Беларусі: У некаторых з затрыманых заўзятараў былі дубінкі

МЗС Беларусі пракаментаваў інцыдэнт у італьянскай Фларэнцыі. Як распавядала Еўрарадыё, за дзве гадзіны перад футбольным матчам "Дынама" (Мінск) — "Фіярэнціна" адбылася масавая бойка. Як паведаміў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, італьянская паліцыя затрымала 61 беларускага фаната. Заўзятары паводзілі сябе агрэсіўна, у тым ліку ў дачыненні да праваахоўнікаў. Паведамляецца, што некаторыя з фанатаў мелі пры сабе дубінкі.

Па звестках МЗС, 13 чалавек былі арыштаваныя, 48 — затрыманыя для высвятлення асобы.

Консульская служба беларускай амбасады ў Рыме ўсталявала кантакт з адным з арганізатараў групы заўзятараў. Ён паведаміў, што скаргаў на абыходжанне і ўтрыманне ў затрыманых няма.

Паліцыя кажа, што грамадзян, затрыманых для высвятлення асобы, павінны адпусціць бліжэйшым часам.

Арыштаваных павінны сёння судзіць.

Фота — belultras.by