Мытнікі забралі 4 аўтамабілі за 1,5-2 кг кантрабанднай кілбасы
І гэта толькі за першую дэкаду красавіка.
За першыя 10 дзён красавіка гомельскія мытнікі забралі 4 легкавыя аўтамабілі за кантрабанду. Уладальнікі аўто перавозілі з Украіны ў Беларусь танныя мясныя і кілбасныя вырабы. Як піша "Вечерний Гомель", прычынай сталі не нейкія таварныя партыі, а літаральна паўтара-два кілаграмы, схаваныя ў розных закрытых нішах аўто.
Усе выпадкі былі зафіксаваныя на мытным пункце "Новая Гута".
Мытнікі адзначаюць, што мясныя вырабы мусяць прайсці ветэрынарны кантроль і перавоз іх праз мяжу дапускаецца толькі пры выкананні абмежаванняў, вызначаных заканадаўствам.
Фота — odsgomel.org