Мяняючы правы, магілёвец даведаўся, што пазбаўлены іх за п'яную язду
Яшчэ ў 2007 годзе кіроўца страціў дакументы і заявіў пра гэта ў ДАІ.
Увесну 2012 года ён прыйшоў у ДАІ мяняць пасведчанне кіроўцы на правы новага ўзору, бо збіраўся ехаць на працу ў Еўропу. Там магілёвец Аляксандр і даведаўся, што ў студзені быў пазбаўлены правоў на тры гады за кіраванне ў нецвярозым выглядзе. Да таго ж, ён павінен быў аплаціць штраф, піша "Комсомольская правда".
У ДАІ магілёўцу паказалі пратакол, дзе быў чужы адрас і стаяў чужы подпіс. Аднак інспектары ДАІ апазналі кіроўцу, якога нібыта затрымоўвалі п'яным. Скаргі магілёўца даішнаму начальству былі марнымі: унутраная праверка пацвердзіла праўдзівасць словаў інспектараў. Дапамог кіроўцу толькі зварот ва ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС па Магілёўскай вобласці.
Яшчэ 6 гадоў таму Аляксандр страціў барсетку з дакументамі, дзе знаходзілася ў тым ліку і пасведчанне кіроўцы. Дакументы магілёвец адразу ж аднавіў, а яго барсетку знайшоў чалавек, які 5 гадоў ездзіў з чужымі правамі. Парушальніка знайшло ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС, і ён ва ўсім прызнаўся.
Пасля паўгода цяганіны магілёвец здолеў адмяніць рашэнне суда і вярнуць сабе правы. Аднак суд паспеў ужо ўтрымаць з заробку частку штрафу — каля 500 тысяч рублёў. Вярнуць іх Аляксандр не можа дагэтуль.
Фота — mk.ru