Мужчына ў Петрыкаўскім раёне выжыў пасля ўдару маланкі

Маланка, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Петрыкаўскім раёне маланка ўдарыла ў пастуха, але ён выжыў.
Інцыдэнт здарыўся на пачатку траўня. Жывёлавод сачыў за статкам кароў, якія былі на вольным выпасе каля фермы аднаго з сельгаспрадпрыемстваў.
У другой палове дня грымнула навальніца, і мужчына схаваўся ў драўляным буданчыку, што размяшчаўся там жа. Праз нейкі час вясковец вырашыў праверыць, ці на месцы каровы, але яму перашкодзіў удар маланкі — мужчына страціў прытомнасць. Ачомаўся ён, калі дождж скончыўся.
Разрад маланкі забіў 71 карову.
Мужчына скардзіўся на слабасць, дрыжыкі, ламату ў суставах і цягліцавыя болі ў канцавосцях. Яго шпіталізавалі. Медыкі выявілі ў яго фігуры Ліхтэнберга, а таксама парушэнне рытму сэрца. У шпіталі вясковец прабыў восем дзён.
У Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз пацвердзілі, што жывёлавод сапраўды атрымаў электратраўму. Яна праявілася фігурамі Ліхтэнберга (маланкі) на пярэдняй паверхні грудной клеткі і электрычным паражэннем міякарда. Гэта лічыцца лёгкім цялесным пашкоджаннем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.