Мужчына падпаліў маці, а потым павесіўся
Трагічнае здарэнне адбылося ў Лунінецкім раёне.
Увечары 27 сакавіка ў вёсцы Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна адбылася трагедыя. 59-гадовы мужчына запатрабаваў у старой маці 50 тысяч рублёў. Яна адмовілася даваць яму грошы. Тады мужчына абліў маці бензінам і падпаліў.
83-гадовая жанчына, агорнутая агнём, выбегла на вуліцу, дзе яе крыкі пачуў сусед. Ён накінуў куртку, гасячы полымя, і крыкнуў жонцы, каб яна выклікала хуткую дапамогу, піша газета "Медиа-Полесье". Калі прыбыла міліцыя, пацярпелая жанчына была пры памяці і сама распавяла ім пра здарэнне.
Суседзі кажуць, што сын быў аформлены пры маці як сацыяльны работнік, але насамрэч гэта яна яго даглядала. Яна не толькі вяла гаспадарку, але і карміла сына, які злоўжываў алкаголем. Мужчына ўвесь час патрабаваў у маці грошы на выпіўку, пагражаючы ёй.
Абгарэлую жанчыну, якая атрымала апёкі каля 50% цела, даставілі ў рэанімацыю Лунінецкай раённай лякарні. Яе сын, пабачыўшы, што сабралася шмат людзей, зачыніўся ў хляве, дзе яго знайшлі павешаным.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу.
Фота — smolforum.com