МУС: на акцыях 4 кастрычніка затрымлівалі 317 чалавек

МУС: на акцыях 4 кастрычніка затрымлівалі 317 чалавек

У нядзелю, 4 кастрычніка, у Беларусі прайшло 10 пратэставых акцыяў у розных гарадах, паведамляе прэс-служба МУС. 

У абласных цэнтрах, паводле МУС, акцыі былі нешматлікія — ад 20 да 100 чалавек. У сталіцы міліцыя налічыла каля 10 тысяч пратэстоўцаў. Дарэчы, назіральнікі і расійскае інфармагенцтва "Інтэрфакс" давалі іншую лічбу — каля 100 тысяч чалавек. 

Таксама прэс-служба МУС паведаміла пра спецсродкі, якія выкарыстоўваліся супраць пратэстоўцаў. У Мінску гэта былі вадамёты. Як распавядала Еўрарадыё, адзін з іх пратэстоўцы паламалі, і машына стала пускаць фантан уверх.  

У Віцебску супраць людзей, якія спрабавалі адбіць затрыманага, выкарысталі пярцовы газ. Таксама пярцовы газ ужылі супраць гродзенца і яго 13-гадовай дачкі. Па версіі міліцыі, п'яны мужчына не падпарадкаваўся міліцыі, а яго дачка аблівала супрацоўнікаў міліцыі колай. 

На працягу нядзелі міліцыянты затрымалі 317 чалавек. Да суда за кратамі застаюцца 258 з іх. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.