"Мінсктранс" адмяніў рэйсы ў Варшаву і Мюнхен

Аўтобусы ў чарзе на мяжы, ілюстрацыйнае фота / mapbel.by
"Мінсктранс" абвясціў пра адмену часткі міжнародных рэйсаў у сувязі з часовым закрыццём мяжы з Польшчай.
На прадпрыемстве выказалі надзею, што закрыццё мяжы працягнецца з 12 па 16 верасня.
У прыватнасці, адмененыя рэйсы з Мінска ў Варшаву з 12 па 16 верасня і з Варшавы ў Мінск — з 12 па 17 верасня. Таксама адмененыя рэйсы Мінск-Мюнхен 10 і 12 верасня і Мюнхен-Мінск на 12 і 14 верасня.
Пасажырам абяцаюць вярнуць грошы за квіткі.
У "Мінсктрансе" дадалі, што 10 верасня арганізуюць дадатковы рэйс па міжнародным маршруце Мінск-Варшава адпраўленнем у 12:00. А 11 верасня будуць арганізаваны дадатковыя рэйсы па міжнародным маршруце Варшава-Мінск адпраўленнямі ў 16:00 і 17:00.
Пра часовае закрыццё мяжы з Беларуссю заявіў напярэдадні прэм'ер-міністр Дональд Туск. Мяжу цалкам перакрыюць у ноч з чацвярга на пятніцу. Гэта патлумачылі беларуска-расійскімі вайсковымі вучэннямі "Захад-2025", якія пройдуць 12-16 верасня. Даты адкрыцця мяжы польскі бок не назваў.
Беларускія перавозчыкі яшчэ ў аўторак пачалі адмяняць рэйсы ў Польшчу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.