Кампаніі-перавозчыкі пачалі адмяняць рэйсы ў Польшчу

Аўтобус на мяжы, ілюстрацыйнае фота

Аўтобус на мяжы, ілюстрацыйнае фота / БЕЛТА

Пасля паведамленняў пра закрыццё мяжы з Польшчай кампаніі-перавозчыкі пачалі адмяняць рэйсы ў гэтую краіну.

У каментары выданню Office Life кампаніі заявілі, што чакаюць афіцыйных пацвярджэнняў наконт закрыцця мяжы. Яны спадзяюцца, што больш зразумелай сітуацыя стане ў сераду, 10 верасня.

Тым не менш кампанія Intercars заявіла, што ў сувязі з навіной аб закрыцці мяжы апошнія рэйсы адправяцца з Беларусі ў Варшаву 10 верасня ў 20:30, а з Варшавы ў Беларусь — 11 верасня ў 15:40 і 17:00. Пасажыраў, якія купілі квіткі на больш познія даты, просяць звязацца са службай падтрымкі перавозчыка, каб перанесці выезд на больш ранні час.

Прадстаўнікі перавозчыка "Атлас Бас" адмянілі рэйсы Гомель — Познань на 10, 11 і 12 верасня, а таксама Познань — Гомель на 12, 13 і 14 верасня.

Аўтобусны парк Маладзечна адмяніў рэйсы ў Варшаву і назад з 10 аж па 19 верасня. Усім пасажырам, якія купілі квіткі на гэтыя рэйсы праз сэрвіс "Атлас", кошт квіткоў вернуць цалкам.

Пра закрыццё мяжы ў сувязі з беларуска-расійскімі вучэннямі "Захад-2025" абвясціў у аўторак кіраўнік польскага ўрада Дональд Туск. Вучэнні павінны прайсці 12-16 верасня. Аднак дату адкрыцця мяжы Туск не назваў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.