Мінская ДАІ назвала вуліцы, па якіх нельга ездзіць у моцны дождж
Болей за 50 сталічных вуліц лічацца патэнцыйна небяспечнымі для падтаплення.
Самыя праблемныя — Няміга, Сурганава, Арлоўская, а таксама праспект Пераможцаў. У Цэнтральным раёне апроч Нямігі ў зоне рызыкі таксама перасячэнне праспекта Пераможцаў і вуліцы Ігнаценка, вуліц Ціміразева і Арлоўскай.
У Савецкім раёне — плошча Бангалор, перакрыжаванне вуліц Куйбышава і Харужай.
Для Першамайскага раёна праблемныя ўчасткі — перасячэнне вуліц Талбухіна і праспекта Незалежнасці, вуліц Каліноўскага і Кнорына, Каліноўскага і Лагойскага тракту.
У Партызанскім раёне падтапленні верагодныя ў раёнах вуліц Ваўпшасава і Солтыса, плошчы Перамогі.
У Ленінскім — стык вуліц Маякоўскага і Свярдлова пад чыгуначным мастом, вуліцы Кірава, Дзянісаўская.
У Заводскім раёне — участкі на Партызанскім праспекце, а таксама на перасячэнні Партызанскага праспекта з вуліцай Жылуновіча.
У Кастрычніцкім раёне — плошча Казінца.
У Маскоўскім раёне — на перасячэнні праспекта Дзяржынскага і вуліцы Багушэвіча, вуліцы Чыгуначнай.
У Фрунзенскім раёне — перакрыжаванні вуліцы Прытыцкага — праспекта Пушкіна, вуліц Кальварыйскай і Пінскай.
Каб пазбегнуць затораў, ДАІ рэкамендуе аб’язджаць участкі, на якіх магчымыя падтапленні, а таксама просіць грамадзян на час неспрыяльных умоваў надвор’я адмовіцца ад паездак на асабістым транспарце. Калі ж гэта немагчыма, то трэбы быць гранічна ўважлівымі і асцярожнымі, прытрымлівацца хуткаснага рэжыму і бяспечнай дыстанцыі, інфармуе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу ДАІ ГУУС Мінгарвыканкаму.
Фота: svaboda.org