Мінскае метро перайшло на летні рэжым працы

26 чэрвеня Мінскі метрапалітэн перайшоў на летні рэжым працы, паведамляецца на яго сайце.
У сувязі са зніжэннем пасажырскай плыні павялічыўся інтэрвал руху цягнікоў. А час працы метро скараціўся.
На летні перыяд ва ўсе дні тыдня метрапалітэн будзе працаваць з 5.30 да 0.40. У 0.40 станцыі будуць зачыняцца для ўваходу пасажыраў. Заканчэнне руху цягнікоў — у 1.10. Апошнія цягнікі з канчатковых станцый "Малінаўка", "Уручча", "Магілёўская", "Каменная Горка" будуць адпраўляцца ў 0.42.
Метрапалітэн папярэджвае пасажыраў, што для перасадкі на станцыях "Кастрычніцкая" — "Купалаўская" перад заканчэннем працы варта прыязджаць на перасадачны вузел не на апошнім, а на перадапошнім цягніку.