Мінск адмовіўся да адкрыцця мяжы вяртаць літоўскія фуры, якія затрымаліся ў РБ

МЗС Беларусі, ілюстрацыйнае фота

МЗС Беларусі, ілюстрацыйнае фота / sb.by

Афіцыйны Мінск адмовіў Вільні ў вяртанні літоўскіх фур, якія затрымаліся ў Беларусі пасля закрыцця мяжы. Гэта вынікае з заявы прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Руслана Варанкова.

Дыпламат адзначыў, што Літва вырашыла закрыць мяжу ў аднабаковым парадку. Таму Беларусь не нясе адказнасці за "негатыўныя наступствы, якія аказаліся шматграннымі — ад праблем з грузавым транспартам да істотнай шкоды, нанесенай не толькі беларускім грамадзянам і бізнэсу, самому літоўскаму боку, але і грамадзянам трэціх краін, уключаючы дзяржавы — чальцы ЕС".

МЗС Беларусі заклікаў літоўскія ўлады адмяніць сваё рашэнне наконт мяжы. "Аб прыняцці якіх-небудзь выбарачных мер не можа быць і гаворкі. У інтарэсах сваіх грамадзян Беларусь у любы час гатовая да дыялогу, накіраванага на ўрэгуляванне існуючых праблем працы пунктаў пропуску праз дзяржаўную мяжу", — падкрэсліў Варанкоў.

Пасля закрыцця мяжы ў Беларусі затрымаліся каля 5000 фураў і паўпрычэпаў з літоўскай рэгістрацыяй. Рэжым Лукашэнкі забараніў ім выязджаць з краіны праз які-небудзь іншы ўчастак мяжы акрамя беларуска-літоўскага.

5 лістапада прэм'ер-міністр Літвы Інга Ругінене заявіла, што ўлады Літвы вядуць перамовы па пытанні вяртання фур. 6 лістапада міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч паведаміў, што Літва гатовая адкрыць пераход Шальчынінкай-Беняконі, каб маглі праехаць 500 літоўскіх аўтамабіляў, якія стаяць з беларускага боку каля гэтага пераходу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.