Міністр адукацыі пракаментаваў забарону на мабільныя тэлефоны ў школах

Мабільнік, ілюстрацыйнае фота

Мабільнік, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Міністр адукацыі Андрэй Іванец расказаў, як будуць захоўвацца мабільныя тэлефоны школьнікаў.

Як паведамлялася раней, з 1 верасня 2025 года ў беларускіх школах для навучэнцаў яшчэ больш абмяжуюць выкарыстанне мабільных тэлефонаў. Ужо сёлета ствараюцца ўмовы, каб дзеці маглі здаваць мабільнікі ў спецыяльна абсталяваныя месцы.

Паводле Іванца, у школах будуць спецыяльныя адказныя за захаванне мабільнікаў.

"Ужо вызначаюцца адпаведныя работнікі, якія будуць адказваць за захаванасць дадзеных тэлефонаў. Але тут мы можам быць вельмі спакойнымі, таму што практычна ўсе школы нашай краіны абсталяваныя відэаназіраннем. Адпаведна, гэтыя ячэйкі будуць усталяваныя каля камер відэаназірання", — перадае тэлеканал СТБ словы міністра.

Забарону на мабільнікі чыноўнік патлумачыў залежнасцю школьнікаў ад гаджэтаў. Маўляў, у цяперашніх дзяцей назіраецца рэгрэс камунікатыўных навыкаў, дыскамфорт пры жывых зносінах, а часцяком ад гэтага церпіць і навучанне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.