Мінчуку, які страляў у людзей на прыпынку, пагражае да 10 гадоў калоніі
Стралок, 1984 года нараджэння, цяпер знаходзіцца ў следчым ізалятары. Высветлілася, што раней ён двойчы трапляў за краты.
Нагадаем, што 22 чэрвеня на Партызанскім праспекце адбылася страляніна з аўтамашыны з пнеўматычнага пісталета па людзях на прыпынку грамадскага транспарту. У лякарню з ранамі трапілі тры чалавекі: 17-гадовы хлопец — з раненнем грудной клеткі, 23-гадовая дзяўчына — з раненнем цемянной вобласці, трэцяй параненай была 30-гадовая жанчына: куля трапіла ёй у правую шчаку. Усе яны шпіталізаваныя.
Стралок быў пасажырам у аўтамашыне "Форд-Эскорт", якой кіраваў 25-гадовы мінчук. Падазраванага затрымалі супрацоўнікі міліцыі разам з байцамі СОБР унутраных войскаў МУС. На яго кватэры знайшлі пісталет.
Як паведамляе агенцтва "Мінск-навіны", трое мінчукоў, якія былі разам са стралком у аўтамабілі, праходзяць па справе як сведкі. Як аказалася, яны адгаворвалі таварыша страляць па людзях, але не змаглі.
Фота — minsknews.by