Мінчукам прывязуць працы вядомага мастака стрыт-арту Бэнксі

Творы самага вядомага мастака стрыт-арту Бэнксі змогуць бліжэйшым часам пабачыць мінчукі. 24 верасня ў выстаўнай зале Libra адкрыецца выстава "Не толькі Banksy. Стрыт-арт з прыватных калекцый", перадае БЕЛТА.
Арганізатары нагадваюць, што ёсць чатыры версіі наконт таго, хто хаваецца за псеўданімам Бэнксі: "Па адной версіі, яго сапраўднае імя — Роберт Бэнкс, па другой — Робін Канінгам, трэцяя і чацвёртая версіі абвяшчаюць, што гэта Роберт Дэль Ная, брытанскі музыкант з групы Massive Attack, ці брытанскі мастак коміксаў і заснавальнік групы Gorillaz Джэймі Х'юлет".
Работы Бэнксі, прадстаўленыя на выставе, набытыя ў лонданскай краме Pictures On The Walls.
Таксама гледачы змогуць пабачыць творы іншых сучасных мастакоў. Ёсць у іх ліку і нашыя землякі — брастаўчане Дзмітрый Булдакоў і Дзяніс Кавальчук, мінчанка Крысціна Шкацянок, Alex BigHomie з Пінска.
Выстава "Не толькі Banksy" будзе працаваць па 21 лістапада.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.