Мінабароны арганізавала збор тэрабароны Партызанскага раёна Мінска

Байцы тэрабароны падчас вайны павінны дапамагаць міліцыі ахоўваць важныя аб'екты, ілюстрацыйнае фота / @modmilby
Мінабароны Беларусі праводзіць у Партызанскім раёне Мінска навучальны збор з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў. Падчас гэтых кароткатэрміновых вучэнняў плануецца адпрацаваць пытанні апавяшчэння, прызыву і пастаўкі ваеннаабавязаных з запасу. Таксама будуць прапрацаваны пытанні атрымання са складоў сродкаў і тэхнікі, якія неабходныя для фарміравання тэрытарыяльных войскаў.
Акрамя таго, удакладнілі ў Мінабароны, збор накіраваны на "удзел асабістага складу тэрытарыяльных войскаў у парадзе, прысвечаным 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў".
Тэрабарона — гэта асобны род войскаў ва Узброеных Сілах Беларусі, які склікаецца толькі на час вайны або ў перыяд напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Гэтыя войскі маюць дапаможнае значэнне і складаюцца з асоб, якія лічацца ў запасе. Нагадаем, у красавіку ў Гродна Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рыхтуецца да вайны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.