Метэазонды з Беларусі перашкаджалі прызямліцца ў Вільні еўракамісару
Аэрапорт у Вільні / LRT
Праз кантрабандныя паветраныя шары ўвечары 20 лістапада ў Вільні не змаглі ў час прызямліцца кіраўнік літоўскага МЗС і еўракамісар. Паветра было закрытае крыху больш за гадзіну.
Самалёт, на борце якога знаходзіліся міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс і еўракамісар па пытаннях абароны Андрюс Кубілюс, быў вымушаны круціцца над Вільняй, як і яшчэ некалькі. Агулам праз затрымкі ці адмены рэйсаў пацярпела больш за 1100 пасажыраў. Чатыры рэйсы былі адмененыя, а шэсць не змаглі вылецець або сесці своечасова, паведамляе LRT.
Як заявілі ў літоўскім цэнтры кіравання крызіснымі сітуацыямі, увечары ў чацвер радары зрабілі каля 20 выяў метэазондаў, якія падымаліся ў паветра ў раёне Гродна. Тры з іх "наблізіліся да небяспечнай зоны", а адзін "аказаўся на траекторыі ўзлёту і пасадкі самалёта".
Акурат у чацвер Літва адкрыла мяжу з Беларуссю, якую зачыняла праз запуск такіх аэрастатаў, бо яны перашкаджалі працы літоўскіх аэрапортаў.