У НАУ расказалі пра грошы Анжалікі Мельнікавай

Анжаліка Мельнікава

Анжаліка Мельнікава

Анжаліка Мельнікава працавала ў Народным антыкрызісным упраўленні (НАУ) і атрымлівала там заробак. Так у НАУ пракаментавалі публікацыю ў выданні "Rzeczpospolita".

Польскае выданне ў сваім матэрыяле заявіла, быццам спікерка Каардынацыйнай рады не працавала ў Польшчы, не атрымлівала заробак у фондзе "Białoruś Liberty", але "раскідвалася грашыма". Выданне спаслалася на Паўла Латушку, прывёўшы яго словы: "Фінансава ў яе ўсё было вельмі добра. Будучы старшынёй Каардынацыйнай рады, стварыла сваю ўласную прэмію памерам 10 тысяч еўра для людзей, якія маюць новыя ідэі і хочуць здзяйсняць розныя праекты. Яна нават адмовілася ад заробку, бо ў нас у арганізацыі склалася крызісная сітуацыя і нястача сродкаў".

Аднак у каментары "Белсату" прэс-служба НАУ заявіла, быццам ніколі не казалі, што Мельнікава не працавала: "Сцвярджэнне, што Анжаліка не працавала, нам не належыць. І мы ніколі так не казалі. Яна працавала ў камандзе НАУ і атрымлівала заробак. У астатнім яна сапраўды стварала ўражанне чалавека, якому не патрэбныя грошы".

Анжаліка Мельнікава перастала выходзіць на сувязь напрыканцы сакавіка. Яе месцазнаходжанне на цяперашні момант невядомае. Паводле апошняй вядомай інфармацыі, яна вылецела ў Лондан. Былы муж Мельнікавай выехаў у Беларусь. Тамсама аказаліся іх дзеці.

Расследаваннем знікнення спікеркі КР займаецца Нацыянальная пракуратура Польшчы і Агенцтва ўнутранай бяспекі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.