МАЗ атрымае ад мінскіх уладаў $100 мільёнаў, каб будаваць аўтобусны завод
Аўтобусы МАЗа не будуць гарэць? / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Мінскія ўлады дапамогуць МАЗу будаваць аўтобусны завод. Фінансаванне будзе здзясняцца з інавацыйнага фонда Мінгарвыканкама. Яно разлічана на тры гады — з 2023-га да 2025-га. Бізнес-план ужо прайшоў узгадненні. Пра гэта паведаміла намесніца старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч. Паводле яе слоў, на новым заводзе будуць збіраць не толькі аўтобусы, але і іншую тэхніку МАЗа.
Днямі сітуацыя на МАЗе абмяркоўвалася на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер жа ў Мінгарвыканкаме кажуць, што фінансавы стан прадпрыемства "неабходна падтрымаць, і гэтая падтрымка павінна быць аказаная на ўзроўні дзяржавы". Чыноўнікі лічаць, што фінансаванне "дасць магчымасць МАЗу далей развівацца і выпускаць добрую тэхніку, якая неабходна не толькі ў Беларусі, але і ў краінах замежжа". І, відаць, не будзе гарэць?
Пра планы будаўніцтва новага завода МАЗ аб'явіў восенню 2022-га. Дзе ва ўмовах заходніх санкцый і няпростага эканамічнага становішча возьмуцца грошы на гэты праект, кіраўніцтва тады не казала. З інавацыйнага фонда Мінгарвыканкама МАЗ атрымае 300 мільёнаў рублёў (каля 108 млн долараў) "беззваротнай падтрымкі". Меркавалася, што на пабудову завода спатрэбіцца ўдвая больш. Але дадатковыя сродкі прадпрыемству давядзецца шукаць самастойна.