Матч паміж "Слуцкам" і "Лідай" скончыўся бойкай трэнераў і арбітраў (відэа)
У рамках 7-га тура чэмпіянату Беларусі ў першай лізе "Слуцк" 1 чэрвеня прымаў гасцей з Ліды. Гульня скончылася з лікам 3:3.
На 53-й хвіліне сустрэчы з лаўкі запасных за нецэнзурную лаянку на адрас арбітра быў выдалены галоўны трэнер "Ліды" Андрэй Пятроў. За хвіліну да гэтага суддзя прызначыў пенальці ў браму гасцей, адзначае Goals.by.
Напрыканцы сустрэчы пры ліку 3:2 на карысць лідчан арбітр Міхаіл Лаўскі дадаў да асноўнага часу матчу мінімум чатыры хвіліны. Роўны ж лік быў усталяваны пазней, на 95-й хвіліне. Ва ўсякім разе так здалося шмат каму, у тым ліку і камандзе гасцей.
Абурыўшыся лішняй хвілінай, трэнеры і гульцы "Ліды" пачалі высвятляць адносіны з суддзёй. У сварку ўмяшаліся і футбалісты "Слуцка". У выніку парадак на полі давялося наводзіць міліцыянтам. У суправаджэнні міліцыянтаў поле пакідалі і суддзі.
Фота — kurjer.info