МАРГ забараніў глазураваныя сыркі з абрэвіятурай SS
Сырок з літарамі SS / "Молочный мир"
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю выступіла супраць продажу глазураваных сыркоў, у назве якіх выкарыстоўваліся стылізаваныя літары SS.
Са скаргай у міністэрства звярнуўся адзін з пакупнікоў. Чыноўнікі адрэагавалі на зварот і пераслалі ў органы ўнутраных спраў.
Упакоўку разглядала Гродзенская абласная камісія па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі і інфармацыйнай прадукцыі. Па выніках разгляду міліцыя прапанавала вытворцу памяняць назву прадукцыі.
Паведамляецца, што цяпер вытворчасць глазураваных сыркоў з такой назвай прыпынена.
Вытворца ў паведамленні МАРГ не названы. Аднак нескладана пабачыць, што гэта кампанія "Молочный мир". У сваім акаўнце ў Інстаграме яна хвалілася выпускам новай лінейкі прадуктаў яшчэ тры месяцы таму.