Малодшы брат караля Карла III адмовіцца ад усіх тытулаў

Каралева Лізавета II і прынц Эндру

Каралева Лізавета II і прынц Эндру / delfi.lt

Малодшы брат караля Карла III адмовіцца ад усіх тытулаў. Такое рашэнне прынц Эндру вымушаны прыняць праз з'яўленне ўсё новых доказаў яго сувязяў са злачынствамі фінансіста Джэфры Эпштэйна, якога судзілі за згвалтаванні, арганізацыю прастытуцыі і арганізацыю секс-вечарынак, у тым ліку з удзелам непаўналетніх.

Апошняй кропляй сталі мемуары адной з ахвяр Эпштэйна. Ва ўжо апублікаваных фрагментах кнігі ахвяра абвінавачвае прынца Эндру ў сексуалізаваным гвалце. Пасля новых паказанняў з прынцам сустрэўся яго старэйшы брат — кароль.

— У ходзе абмеркавання з каралём, а таксама членамі маёй сям'і і яе бліжэйшым асяроддзем мы прыйшлі да высновы, што няспынныя абвінавачванні ў мой адрас адцягваюць ад працы Яго Вялікасці і каралеўскай сям'і, — заявіў пасля сустрэчы прынц Эндру і абвясціў, што адмовіцца ад усіх тытулаў, у тым ліку герцага Ёркскага. Але яго па-ранейшаму будуць зваць прынцам, бо ён сын каралевы.

Усе абвінавачанні Эндру адмаўляе, хаця за апошнія больш чым пяць гадоў гэта не першыя заявы пра яго сяброўства з Эпштэйнам і магчымыя злачынствы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.