Малдова прапануе Беларусі скарыстацца яе зонай свабоднага гандлю з ЕС
Эксперты з Кішынёва тлумачаць Еўрарадыё, чым Дамова аб асацыяцыі з ЕС лепш за Мытны саюз і якая выгада можа чакаць Беларусь.
Да канца 2014 года Малдова падпіша Дамову аб асацыяцыі з Еўрасаюзам і займее зону свабоднага гандлю з еўрапейскімі краінамі. Паводле слоў дарадцы па эканамічных пытаннях прэм’ер-міністра Малдовы Валерыя Прахніцкага, дзякуючы вызваленню малдоўскіх тавараў ад выплаты мытных падаткаў унутраны валавы прадукт краіны вырасце на 4-5% і павялічыцца да канца 2015 года на 1 мільярд еўра. Але будзе карысць ад збліжэння Малдовы з ЕС і для Беларусі.
Валерый Прахніцкі: “Той факт, што ў Малдовы будзе гэтая дамова з Еўрасаюзам, стварае вельмі станоўчыя магчымасці і для Беларусі. Да прыкладу, тут Беларусь можа адкрыць дадатковыя лініі па вытворчасці тралейбусаў ці нечага іншага і праз Малдову накіроўваць зробленае ў Еўрасаюз”.
А калі ўлічыць, што ў Малдовы падпісаныя дамовы аб свабодным гандлі з СНД і хутка будзе падпісаная адпаведная дамова з Турцыяй, то яна робіцца вельмі цікавай краінай для інвестыцый. Для Беларусі у тым ліку, упэўнены Валерый Прахніцкі. І на пальцах тлумачыць, чаму іх краіна не пажадала далучыцца да “вялізнага рынку” Мытнага саюза.
Валерый Прахніцкі: “У эканоміцы “вялізны рынак” не азначае адлегласці (ад Брэста да Уладзівастока. — заўв. Еўрарадыё). А азначае пакупніцкую здольнасць, ВУП, узровень прыбыткаў. Я не думаю, што тут трэба доўга думаць — дзе больш выгадна прадаваць. Але мы рабілі вельмі дакладныя падлікі і вылічылі: для нас далучэнне да Мытнага саюза мела б эканамічна адмоўны эфект”.
Дарадца па палітычных пытаннях прэм’ер-міністра Малдовы Улад Кульмінскі шчыра прызнаецца: Малдову збліжэнне з ЕС цікавіць найперш з “мадэрнізацыйнага” пункту гледжання — ніякай геапалітыкі!
Улад Кульмінскі: “Мы не збіраемся станавіцца кропкай геапалітычнага супрацьстаяння ці кропкай геапалітычнага прыцягнення. Ці нейкім сур’ёзным геапалітычным гульцом, які будзе вызначаць накірунак развіцця дэмакратычных ці антыдэмакратычных працэсаў унутры іншых краін — гэта не наш інтарэс. Мы гэта (падпісанне Дамовы аб асацыяцыі з ЕС. — заўв. Еўрарадыё) разглядаем найменш у кантэксце геапалітычных пытанняў і ў найбольшай ступені мы разглядаем гэта як праект, які дазволіць усім грамадзянам краіны справядлівую дзяржаву”.
Тым не менш “палітычны” дарадца малдоўскага прэм’ера прызнае: чым бліжэй Малдова будзе да ЕС, тым больш яна мусіць будзе прытрымлівацца і еўрапейскай палітычнай лініі адносна нашай краіны. Як будуць “выкручвацца”, калі малдоўска-беларускія інтарэсы нечакана сутыкнуцца з еўрапейскай “палітыкай санкцый”?
Улад Кульмінскі: “Мы пастараемся зрабіць усё максімальна прагматычна, зыходзячы са сваіх, найперш, эканамічных інтарэсаў. Супрацоўніцтва з Беларуссю будзе максімальна прагматычным, пры тым, што і меркаванне нашых еўрапейскіх калег будзе ўлічвацца”.
Якім чынам малдоўскія палітыкі і еўрапейскія дыпламаты здолеюць спалучыць еўрапейскія каштоўнасці з малдоўскім прагматызмам, не зразумела. Асабліва калі ўлічыць, што ў МЗС Малдовы ўпэўненыя, што такія вострыя пытанні, як, да прыкладу, палітвязні ў Беларусі, неабходна абыходзіць. У гэтым не баючыся прызнаецца віцэ-міністр замежных спраў Валерый Ківер.
Валерый Ківер: “Я думаю, што гэта праблема, якая з’яўляецца, канешне, важнай, не з’яўляецца прыярытэтнай ў дыялогу паміж нашымі краінамі”.
І выказвае спадзяванне: да таго часу, калі Малдова вымушаная будзе прытрымліваецца агульнай палітыкі ЕС, палітвязняў у Беларусі ўжо не будзе. Затое малдоўскія палітыкі і дыпламаты прапаноўваюць беларускім уладам ствараць у іх краіне свае прадпрыемствы ды пашыраць там сваю “эканамічную прысутнасць”.
Фота: Змітра Лукашука